ІВАНАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ІВАНАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Раён // Гісторыя

Гісторыя

 
Працяглы час лічылася, што гісторыя горада Янаў Палескі (такая назва выкарыстоўвалася да 1939 г.) пачалася ў XV стагоддзі з невялікай вёсачкі Порхава, якую ў 1465 годзе перайменавалі ў Янаў у гонар Луцкага біскупа Яна Ласкавіча (Ласовіча). Аднак, як высветлілася пасля, нашаму мястэчку прыпісвалі чужую гісторыю, якая тычылася горада Янаў-Падляскі, размешчанага на тэрыторыі Польшчы.

У розны час назву горада Іванава (Янава) звязвалі з імёнамі Яна Копаця, Яна Караля Дольскага, з навальніцай казакоў - гетманам Янушам Радзівілам, з першым уладальнікам брэсцкіх падкаморый Янам Шуйскім. Новыя версіі працягваюць нараджацца, і ў іх фігуруюць і свята Івана Купалы, і Святы Ян (Іаан Хрысціцель) і інш.

Даты ўтварэння горада таксама сустракаюцца розныя - ад 1450 да 1638 гг. Дакладна вядома, што ў XV ст. у Янава быў пабудаваны парафіяльны касцёл Святога Крыжа, таму намаганні даследчыкаў накіраваны на пошукі архіўных дат пачатку або завяршэння будаўніцтва касцёла, а таксама іншых згадак Янава ў пісьмовых крыніцах.

У 1638 годзе пасля адкрыцця езуіцкай місіі касцёл у Янава атрымаў назву «бенедыктыянскі касцёл Святога Крыжа», 10 траўня 1663 года адбылося адкрыццё новапабудаванага будынка касцёла, грошы на будаўніцтва якога выдаткаваў Ян Караль Копаць, полацкі ваявода і брэсцкі стараста.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў атрадам казакоў палкоўніка А. Здановіча пры налёце на Янаў 16 мая 1657 года казакамі быў жорстка забіты манах-езуіт Андрэй Баболя. Адзін з малюнкаў Напалеона Орды захаваў памятную капліцу ў выглядзе каменнага слупа, збудаваную на плошчы Янава ў памяць аб кананізаваным Ватыканам місіянеру.

У 1771 годзе ў наваколлях Янава дзейнічала рускае войска пад камандаваннем А. В. Суворава, якая ваявала з польскімі канфедэратамі; 21 верасня да 1 гадзіны ночы яна прайшла праз Янаў на Драгічын.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Янаў увайшоў у склад Расійскай імперыі і складаўся з 1795 па 1797 гг. у Слонімскім намесніцтве (губерні), з 1797 па 1801 гг. - у Літоўскай губерні, з 1801 года ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні.

У ліпені 1812 года Янаў захоплены французскімі войскамі. У паласе Антопаль-Драгічын-Янаў-Пінск дзейнічаў спецыяльны рускі атрад генера-маёра А.П.Мелісіна, які 10 ліпеня 1812 года разбіў саксонскага генерала Рэнье ў Янава, за што быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 1 ступені.

Паводле рэвізіі 1816 г. Янава з прылеглымі вёскамі належаў Ганне Аржэшкавай, аднак быў закладзены за даўгі Здэхоўскаму.

У І-й палове XIX ст. Янава разам з вёскамі Накло і Магільна ўваходзіла ў склад маёнтка Магільна, які належаў І.І. Дмахоўскаму.

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. у Янава былі змесцаваны казакі 31-го Данскога палка з мэтай прыгнечання сялянскіх выступаў у мястэчку і наваколлях.

У 1866 г. у Янава 809 жыхароў, маёнтак знаходзіўся ва ўласнасці памешчыка Іосіфа Куранецкага (Куржанецкага), працавала народнае вучылішча, касцёл, царква. У 1868 г. купец Іосіф Лейзар Валавельскі заснаваў дробны бровар, цагельны і гарбарны заводы. Працавалі таксама цагельня Гінзберга (чэрвень – жнівень 1868 г.), гарэлачны завод Абрама Іцку, гарбарны завод Іцака Горбара (адзін працоўны).

Да канца XIX стагоддзі Янава амаль не расло. У ім налічвалася 378 двароў, пражывала 2939 чалавек. Тут знаходзілася 50 магазінаў, 7 млыноў, 5 кузняў, аптэка, адна школа, праваслаўная царква, касцёл, 4 яўрэйскія малітоўныя школы. У мястэчку жыло шмат яўрэяў, якія займаліся рамяством. Сярод іх былі добрыя швачкі, краўцы, кавалі. Багатыя жыхары ўтрымлівалі заводы ці займаліся гандлем. Амаль усе магазіны ў горадзе належалі яўрэям. Дамы тут у асноўным будавалі драўляныя, крытыя саломай. Таму ў мястэчку часта шугалі пажары, якія прыносілі мястэчку вялізныя страты: у 1870 г. згарэлі 85 дамоў, у 1871 г. – 141 дом, у 1879 г. – 91 яўрэйскі і 35 сялянскіх дамоў, валасное праўленне і аптэка.

Развіццё і рост Янава прыкметна паскараецца ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі Брэст - Пінск - Гомель (1862-1884 гг.). У 1884 годзе за кіламетр ад мястэчка была пабудавана невялікая станцыя, якая да гэтага часу называецца Янаў-Палескі, з драўляным вакзалам, складскімі памяшканнямі, рамонтнымі майстэрнямі, якая злучылася ў хуткім часе з мястэчкам.
У 1897 годзе ў Янаве пражываў 3041 жыхар, працавалі сукнавальная фабрыка, маслабойня, гарбарны і цагельня, 5 млыноў, народнае вучылішча і царкоўна-прыходская школа, дзейнічалі драўляная царква і каменны касцёл.

У час Першай сусветнай вайны з 1915 па 1918 гады ў Янаве размяшчаліся нямецкія войскі, дзейнічаў лагер для рускіх ваеннапалонных.

Па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Янаў уваходзіў у склад Палескага ваяводства Польскай рэспублікі.

У першыя пасляваенныя гады на тэрыторыі Янава, як і ў цэлым у Заходняй Беларусі, назіралася цяжкая сітуацыя: гаспадарка была разбурана, інфраструктура не функцыянавала, а вяртанне бежанцаў яшчэ больш ускладніла жыллёвыя, санітарныя, харчовыя пытанні.

Па стане на канец 1921 г. ва ўсім Драгічынскім павеце дзейнічала толькі адна дзяржаўная бальніца ў Янава на 15 койка-месцаў і дзве паліклінікі, адна з іх - у Янава.

Наступствы вайны адчуваліся на працягу ўсяго міжваеннага перыяду. Становішча не вельмі змянілася і праз 10 гадоў мірнага жыцця, тым больш, што ў першай палове 1930-х гадоў Польшчы давялося сутыкнуцца з сусветным эканамічным крызісам. Узровень аховы здароўя заставаўся нізкім. У 1932 г. у Янава размяшчалася паліклініка, якую ўзначальваў доктар Павел Кадлубоўскі.

У 1921 г. у Янава пражывала 3068 чалавек, да 1935 г. насельніцтва нязначна павялічылася і складала 3500 чалавек. У мястэчку налічвалася 487 жылых будынкаў, знаходзіліся гміннае і паштова-тэлеграфнае ўпраўленні, Народны кааператыўны банк, аптэка В.Рэхеса. У распараджэнні падарожнікаў было некалькі дробных гасцініц, меўся рэстаран Гадомскага, размешчаны каля чыгуначнай станцыі, і стадыён мясцовага аддзялення Саюза стральцоў.

У савецкі перыяд мястэчка Янаў перайменавана ў Іванава і яму прысвоены статус пасёлка гарадскога тыпу, але чыгуначная станцыя па-ранейшаму называецца Янаў-Палескі.

Сярод жыхароў Янава аж да 1940-х гадоў квітнеў промысел лабурэй. Лабурамі ці «хрыстараднікамі» называлі мужчын, жыхароў Янава, якія «хадзілі па свеце», збіраючы грошы і ахвяраванні на будаўніцтва і аднаўленне праваслаўных храмаў. Настаяцелі многіх цэркваў карысталіся паслугамі лабураў.

Падчас Другой сусветнай вайны да вызвалення пасёлка Чырвонай арміяй у 1944 годзе ў намётавым мястэчку на тэрыторыі горада размяшчаўся II батальён 82 пяхотнага палка Нортхейм, які ўваходзіў у склад 31 пяхотнай дывізіі Германіі (Ільвіная дывізія).
У гады акупацыі ў цэнтры Іванова нямецка-фашысцкімі захопнікамі было створана яўрэйскае гета - месца прымусовага перасялення яўрэяў горада і прылеглых населеных пунктаў. У перыяд з 26 па 27.09.1942 гітлераўцамі пры ўдзеле літоўскіх, латвійскіх і ўкраінскіх калабарацыяністаў праведзены масавыя расстрэлы каля 3,5 тысячы жыхароў яўрэйскага гета ва ўрочышчы "Рудскі лес" (паблізу горада). На тэрыторыі населенага пункта размешчана масавае пахаванне больш за адну тысячу чалавек - гэта 8 брацкіх магіл, у якіх пахаваны савецкія ваеннапалонныя, мірныя жыхары Іванава і прылеглых вёсак, расстраляныя гітлераўцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1968 годзе ў дадзеным месцы ўсталяваны абеліск у памяць аб загінуўшых. За гады вайны ў горадзе былі разбураны і спалены 365 жылых, 40 гаспадарчых будынкаў. Ад рук акупантаў загінула 3297 жыхароў, вывезена ў Германію 19 жыхароў, не вярнулася з франтоў або прапала без вестак 168 землякоў, у партызанскіх атрадах і ў падполлі - 7 чалавек. У час акупацыі ў горадзе была створана падпольная арганізацыя. Пасля вызвалення на тэрыторыі раёна ад рук чальцоў нацыяналістычных бандфармаванняў у 1944–50 гг. загінула 45 чалавек, у т.л. у Іванава 8 работнікаў раённага аддзела міліцыі (пахаваны ў брацкай магіле, помнік устаноўлены ў 1980 г. мемарыяльная дошка ў 1968). З 1944 г. выходзіла раённая газета ("Сталінскі шлях", у 1956-62 "Камуніст", з красавіка 1965 - "Чырвоная зорка").

У пасляваенныя гады Іванава развіваецца вельмі марудна. У 1956 годзе тут пражывала 3 тысячы чалавек, працавалі крухмальны і малочны завод, электрастанцыя і пякарня. На ўвесь горад прыходзілася ўсяго 7 цагляных збудаванняў. Вуліцы былі без асфальту і не асвятляліся.

У 1971 годзе Іванава набывае статус горада, дарогі асфальтуюць, манціруецца вулічнае асвятленне. Зьяўляюцца новыя прадпрыемствы. Узводзяцца жылыя раёны для меліяратараў і новых завадскіх працоўных.

Васьмідзесятыя гады былі адзначаны актыўным развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і культуры, сельскай гаспадаркі і прамысловай вытворчасці.

У 1989 годзе ўводзіцца ў строй і дае сваю першую прадукцыю горадаўтваральнае прадпрыемства - ААТ "Белсолад". Да 1991 году ў горадзе пражывала ўжо каля 14,5 тысяч чалавек.

Горад Іванава сёння - сучасны раённы цэнтр, у якім пражывае больш за 16,5 тыс. чалавек. Вядзецца актыўнае будаўніцтва жылля, інжынерна-бытавых аб'ектаў, сацыяльнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры.

За апошняе дзесяцігоддзе сфармавалася новае архітэктурнае і культурнае аблічча горада: пабудаваны шматфункцыянальны спарткомплекс «Імпульс», убудавана-прыбудаваны дзіцячы садок № 7 у новым квартале шматпавярховай забудовы «Усходні», дзіцячы садок №6 у мікрараёне «Заходні», крама «Санта», рэканструяваны гарадскі парк, стадыён, добраўпарадкавана пешаходная вуліца 17 Верасня, створаны сквер макетаў страчаных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Іванаўскага раёна "Лабірынт часу" і інш.

Але галоўны здабытак і багацце горада - гэта яго жыхары - мудрыя і смелыя, якія валодаюць маральнай сілай, інтэлектуальным і творчым патэнцыялам, якія ствараюць даброты, забяспечваюць пераемнасць пакаленняў, якія захоўваюць традыцыі і закладваюць цвёрдую аснову будучыні.

Іванаўцы паважаюць і памятаюць сваю гісторыю, ганарацца сваім народам і любяць сваю краіну!
 

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі