18 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Эканоміка Беларусі перайшла ў фазу аднаўленчага росту, заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у Брэсце ў час інфармавання калектыву ўнітарнага прадпрыемства "Гефест-тэхніка" па пытаннях бягучай сітуацыі ў краіне і за мяжой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пасля пяцімесячнага запаволення эканоміка стала прырастаць, пачынаючы са жніўня. Мы так і планавалі, бачылі, як сітуацыя развіваецца, і ўжо са жніўня эканоміка пачынае аднаўляцца, у тым ліку і эканоміка Брэсцкай вобласці. Ужо два месяцы яна аднаўляецца, прычым даволі паспяхова: у верасні прырост склаў 0,8 працэнта да жніўня, у той час як у цэлым эканоміка краіны прырасла на 0,2 працэнта. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод абласцей", - адзначыў міністр.
Асноўны ўклад, паводле яго слоў, унесла сельская гаспадарка. З верасня пачала дэманстраваць дадатную дынаміку і прамысловасць. "Важна, што ў прамысловасці пачынаюць прырастаць тыя сектары, якія выпускаюць высокатэхналагічную прадукцыю. На 20 працэнтаў больш выраблена інтэгральных схем, тэлевізараў, оптыкі, кар'ерных самазвалаў, аўтобусаў, кормаўборачных камбайнаў і гэтак далей. Упэўнены, што з прыростам працуе і "Гефест-тэхніка", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.
Ён падрабязна спыніўся на адным з ключавых пытанняў, якое хвалюе ўсіх не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце, - гэта харчовая бяспека. Многія замежныя эксперты ў Еўропе прагназуюць недахоп прадуктаў харчавання з-за іх санкцыйных абмежаванняў. Акрамя таго, у Еўрасаюзе растуць цэны на прадукты харчавання. Так, у краінах Балтыі прадуктовая карзіна стала даражэйшай на 20 працэнтаў, больш за 30 працэнтаў брытанцаў эканомяць на прадуктах харчавання.
"У Беларусі пытанне харчовай бяспекі не стаіць, яно ўжо вырашана даўно. Мы поўнасцю забяспечваем сябе асноўнымі прадуктамі харчавання. Сёлета сабралі рэкордны за пяць гадоў ураджай збожжавых, забяспечылі сябе агароднінай, завяршылі закладку прадуктаў у стабілізацыйныя фонды, ствараем трывалую кармавую базу для жывёлагадоўлі. "Выснова: мы будзем і з хлебам, і з малаком, і з мясам. Прычым аб'ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі дазваляюць нам не толькі забяспечваць унутраны рынак, але і пастаўляць на сусветныя рынкі. Толькі за бягучы перыяд на экспарт пастаўлена прадуктаў харчавання больш як на $5 млрд.", - прыраслі на чвэрць да мінулага года", - падкрэсліў міністр эканомікі.
Аднаўляецца і сістэмаўтваральная галіна транспарту і лагістыкі. Так, перавозкі кантэйнераў чыгуначным транспартам у Кітай узраслі ў 4 разы. "Працуем сёння над пашырэннем магчымасцей нашага аўтапарка на рынках Расіі, Арменіі, Азербайджана, Турцыі, Ірана, іншых краін. Паступова выбудоўваюцца новыя транспартна-лагістычныя калідоры, што садзейнічае экспартным пастаўкам. У мінулым месяцы практычна адноўлены аб'ём экспарту мінулага года: за 8 месяцаў атрымана рэкорднае дадатнае сальда знешняга гандлю - амаль $3 млрд. Гэта лепшы паказчык за апошнія 10 гадоў. Такі прафіцыт забяспечвае нам даволі высокую ўстойлівасць работы эканомікі і асабліва на валютным і фінансавым рынках", - адзначыў Аляксандр Чарвякоў.-0-