
25 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкая вобласць на ХІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе падпіша новыя пагадненні аб супрацоўніцтве. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Брэсцкага аблвыканкама.
Дэлегацыя Брэсцкай вобласці адправіцца ў Ніжні Ноўгарад на чале са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Пятром Пархомчыкам. "Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі - гэта эфектыўная платформа, дзякуючы якой выбудоўваюцца моцныя сувязі, з'яўляюцца сумесныя ініцыятывы і закладваюцца трывалыя асновы для будучыні Саюзнай дзяржавы. Супрацоўніцтва рэгіёнаў выходзіць далёка за рамкі абмену вопытам або гандлю. Асабліва важна, што ў фокусе гэтага форуму моладзь, - сказаў Пётр Пархомчык. - Упэўнены, што цяперашні форум стане яшчэ адной важнай вяхой у развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, адкрые новыя кропкі росту і паслужыць умацаванню братэрскіх адносін паміж Беларуссю і Расіяй".
Прадстаўнікі паўднёва-заходняга рэгіёна Беларусі на форуме прымуць удзел у розных сустрэчах, перагаворах і секцыях. На выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі Брэстчына прадставіць сваю інтэрактыўную пляцоўку "Берасцейскае падвор'е". Запланавана падпісанне шэрага двухбаковых дакументаў. У прыватнасці, Брэсцкі аблвыканкам і адміністрацыя Астраханскай вобласці пралангуюць пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і сацыяльнай сферах. Брэсцкі аблвыканкам і ўрад Саратаўскай вобласці вызначаць план мерапрыемстваў для далейшага ўзаемадзеяння двух рэгіёнаў. Намечана, што ў час Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі мемарандум аб пабрацімстве заключаць Брэст і Астрахань. Акрамя таго, прадугледжана падпісанне шэрага пагадненняў аб супрацоўніцтве Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў з калегамі ў расійскіх рэгіёнах.
"У рамках падрыхтоўкі форуму арганізацыямі Брэсцкай вобласці на гэты момант падпісаны ўжо больш за 80 кантрактаў на экспартныя пастаўкі на агульную суму 15,6 млрд расійскіх рублёў. Так, дамоўленасцей дасягнулі ААТ "Кобрынскі масларобна-сыраробны завод", "Бярозаўскі мясакансервавы камбінат", "Берасцейскі пекар", Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат, "Цветатрон", "Ручайка", "Брэстмаш", ТАА СП "ТэрмаБрэст", - праінфармавалі ў прэс-службе Брэсцкага аблвыканкама.-0-