ІВАНАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ІВАНАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

Ваеннаслужачыя ў Беларусі змогуць бясплатна атрымаць ва ўласнасць арэнднае жыллё пасля 25 гадоў службы

06/12/2022 18:04

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ваеннаслужачыя змогуць бясплатна атрымаць ва ўласнасць арэнднае жыллё пасля 25 гадоў службы. Такі вынік нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях забеспячэння жыллём ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, расказаў журналістам віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак.

"Мы прыйшлі да разумення, што найбольш прымальны варыянт забеспячэння жыллём ваеннаслужачых - будаўніцтва арэнднага жылля з далейшай перадачай ва ўласнасць. Абмяркоўваліся некалькі варыянтаў, праз колькі гадоў. Варыянт наконт уласнасці - 25 гадоў, каляндарны тэрмін службы. Чалавек можа прыняць рашэнне і гэта арэнднае жыллё атрымаць ва ўласнасць бясплатна. Гэта асноўны пасыл, які сёння быў адобраны. Зыходзіць мы будзем з гэтага. Да 1 студзеня будзе падрыхтаваны нарматыўны акт, які будзе гэты механізм апісваць - як перадаць ва ўласнасць жыллё", - расказаў Анатоль Сівак.

Як прыйшлі да такога рашэння

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што цяпер ёсць розныя формы вырашэння жыллёвага пытання для ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб. Ёсць магчымасць будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Другі варыянт - атрымаць арэнднае жыллё. У асноўным яно ў камунальнай уласнасці, але ёсць і фонд арэнднага жылля ў рэспубліканскай уласнасці. Ёсць таксама магчымасць здымаць жыллё, атрымліваючы пры гэтым кампенсацыю з бюджэту. "Гэта там, дзе не адразу атрымліваецца забяспечыць, таму што няма свабоднага жылля", - растлумачыў Анатоль Сівак.

Асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на нарадзе, - што рабіць далей. "Было два варыянты. Адзін варыянт быў, што трэба змяніць умовы дзяржпадтрымкі, зрабіць яе больш прывабнай. І другі варыянт - будаваць арэнднае жыллё і даць магчымасць гэта жыллё выкупіць або атрымаць ва ўласнасць бясплатна", - расказаў віцэ-прэм'ер.

Пры гэтым улічваліся як эканамічныя, так і арганізацыйныя аспекты. "Калі паляпшаць дзяржпадтрымку, то мы разумеем, што людзі ў пагонах - гэта людзі, якія пастаянна перамяшчаюцца. Гэта значыць, яны не прывязаны да аднаго месца службы. І ў гэтым выпадку так, чалавек пабудуе жыллё ў пэўным населеным пункце, але ўсё роўна служба патрабуе перамяшчэння, і фактычна неабходна вырашаць пытанне праз тое ж арэнднае жыллё або наём з кампенсацыяй. Гэта значыць, двайныя расходы і для дзяржавы, і пэўныя нязручнасці для людзей. Гэта што датычыцца арганізацыйнага пытання, - растлумачыў Анатоль Сівак. - Што датычыцца фінансавага, то таксама трэба ацаніць і кошт для дзяржавы арэнднай кватэры. Можна ацаніць кошт арэнднай кватэры для чалавека, таму што ён плаціць арэндную плату. Тое ж самае можна ацаніць дзяржпадтрымку".

Пасля ўсіх падлікаў прыйшлі да высновы, што для дзяржавы цана пытання ў любым выпадку прыкладна аднолькавая, а для чалавека больш выгадная схема з арэндным жыллём. "Сённяшнія ўмовы, калі ўзяць двухпакаёвую кватэру, раўназначныя для дзяржавы, але не раўназначныя для чалавека. Чалавек усё роўна пры дзяржпадтрымцы плаціць значна больш, чым калі б ён атрымаў гэту арэндную кватэру ва ўласнасць бясплатна пры пэўнай выслузе гадоў", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Колькі будуць узводзіць арэнднага жылля

Паводле слоў Анатоля Сівака, павелічэнне аб'ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля спланавалі, не чакаючы ўказа і вынікаў нарады, паколькі ў любым выпадку выпрацаваны механізм мае адкладзенае дзеянне: "Трэба жыллё спачатку пабудаваць. Фактычна гэту работу правялі ўжо. І ў свае планы па будаўніцтве арэнднага жылля ўключаем гэтыя аб'ёмы. Паводле разліку, амаль 700 тыс. кв.м жылля сёння неабходна для людзей у пагонах".

У планах урада пабудаваць адпаведныя аб'ёмы на працягу 2023 года і першай паловы 2024-га. Планы сапраўды ўражваюць, паколькі за апошнія некалькі гадоў аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля для ваеннаслужачых былі ў разы меншыя.

"Мы думаем, што колькасць людзей, якія звернуцца за атрыманнем арэнднага жылля, калі ўбачаць указ, вядома павялічыцца. Але сёння гэта 9 тыс. 830 чалавек - тыя людзі, якія выказалі жаданне ва ўсіх "ведамствах у пагонах" атрымаць арэнднае жыллё. Мы ставім сабе задачу забяспечыць арэндным жыллём вось такую колькасць людзей за гэты перыяд часу. Далей у нас у планах, каб забяспечваць на працягу двух гадоў з моманту звароту. Там у нас прагназуецца, што колькасць будзе значна меншая", - адзначыў Анатоль Сівак.

Дзе будуць узводзіць такое жыллё

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што размова не ідзе пра будаўніцтва ваенных гарадкоў. "Мы ва ўрадзе называем гэта будаўніцтвам кватэр. Гэта азначае, што кватэры для людзей у пагонах будуць у тых дамах, дзе будуецца жыллё і для іншых катэгорый грамадзян", - сказаў ён.

Гэта значыць, узводзіцца арэнднае жыллё будзе паўсюдна ў любых гарадах і нават сельскай мясцовасці. "Там, дзе ёсць патрэбнасць, будуць такія кватэры. Не выключана, што і ў сельскай мясцовасці", - заявіў Анатоль Сівак.

Ці можна будзе атрымаць бясплатна кватэру тым, у каго падыходзіць ужо тэрмін выслугі

Дакладнага адказу на гэта пытанне віцэ-прэм'ер не даў. Гэта тэма яшчэ ў стадыі прапрацоўкі. Тым больш што на ўзроўні ведамстваў існуюць розныя падыходы.

"У мяне ёсць пэўнае меркаванне па гэтым пытанні. Ва ўрадзе таксама яно выпрацавана. Гэта істотнае пытанне, вельмі важнае. Безумоўна, я не хацеў бы апярэджваць падзеі. Гэта таксама звязана з пэўнымі працэсамі. Мы сабралі даныя: і колькі чалавек, у каго надыходзіць гэты час, скажам, у бягучым годзе. У Мінабароны свае падыходы, у МУС свае. І трэба выйсці на дакумент, які будзе для ўсіх прымальны. Я цяпер не магу сказаць, што ў Мінабароны будзе такі падыход, а там мы крыху яго зменім. Таму ў перыяд узгаднення нарматыўнага акта гэтаму пытанню мы ўдзелім найбольшую ўвагу", - сказаў Анатоль Сівак.

"Тут прагучалі сёння меркаванні (у час нарады ў Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА), аб гэтым таксама гаварылі. Але я не хацеў бы апярэджваць падзеі", - дадаў ён.

Ці будзе жыллё перадавацца ва ўласнасць па апошнім месцы службы або будзе выбар

"Размова ідзе пра тую кватэру, у якой вы на гэты момант пражываеце. Вы можаце і не звяртацца за тым, каб гэту кватэру атрымаць ва ўласнасць. У нас яшчэ разглядаецца пытанне: 20 гадоў (выслугі. - Заўвага БЕЛТА) - яе можна выкупіць па ацэначным кошце. І такое права. Але ў той кватэры, у якой вы пражываеце ў гэты момант, калі ў вас настала гэта права, вы і заяўляеце, што хочаце гэта права рэалізаваць", - адказаў на пытанне Анатоль Сівак.

Пры гэтым ён удакладніў, што арэндныя кватэры будуць знаходзіцца ў распараджэнні адпаведных ведамстваў, і ўжо на ўзроўні кадравых службаў, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі, можна будзе вырашаць адпаведныя пытанні ў частцы месцазнаходжання бясплатна перадаваемай кватэры.

Ці захаваецца дзеючы механізм дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве ўласнага жылля

"Усё захоўваецца. Чалавек можа жыць у арэнднай кватэры ў адным населеным пункце, а будаваць уласнасць у іншым", - заявіў Анатоль Сівак.

Усяго на пачатак кастрычніка бягучага года на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы службы ў дзяржаўных органах знаходзіліся 33,2 тыс. ваеннаслужачых. З іх 15,3 тыс. стаяць на ўліку больш за 5 гадоў. Каля 9,8 тыс. ваеннаслужачых на сённяшні дзень прэтэндуюць на атрыманне арэнднага жылля.-0-

https://blr.belta.by/society/view/vaennasluzhachyja-u-belarusi-zmoguts-bjasplatna-atrymats-va-ulasnasts-arendnae-zhylle-paslja-25-gadou-122401-2022/

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі